“Падарожжа па краіне лялек” Соні Садоўнікавай
“Падарожжа па краіне лялек” Соні Садоўнікавай
21 верасня у музеі гісторыі праватнага калекцыянавання адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы, прысвечанай Міжнароднаму дню калекцыянера “Дзіўнае побач”. Соня Садоўнікава, вучаніца 6-га “А” класа гімназіі, гуртковец аб’яднання па інтарэсах “Юныя фалькларысты”, прадставіла гасцям свята ўласную калекцыю абярэгавых лялек.
“Падарожжа па краіне лялек” - менавіта так называецца калекцыя Соні, якая складаецца з абярэгаў, зробленых на працягу некалькіх гадоў. Сваю першую ляльку Соня зрабіла, калі вучылася яшчэ ў малодшых класах. Гэты занятак захапіў і натхніў не толькі дзяўчынку, але і яе матулю Алену Пятроўну. За некалькі гадоў сямейная калекцыя лялек была папоўнена больш чым на 30 абярэгаў: абрадавых і сямейных. Дарэчы, у сям’і Соні аматары культуры ўсе – і малодшая сястра Аліса, і тата Юрась Уладзіміравіч, і матуля Алена Пятроўна. Яны з цікавасцю займаюцца вывучэннем народнай культуры, наведваюць тэматычныя мерапрыемствы, а яшчэ, што немалаважна, размаўляюць па-беларуску!
Сёння Соня працягвае выраб абярэгавых лялек. Дзяўчынка не проста вырабляе лялек, але і знаёміцца з іх гісторыяй, сімволікай. Соня і яе малодшая сястра Аліса наведваюць гурток “Юныя фалькларысты” ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. Такі ж гурток наведваюць дзяўчынкі ў ДУА “Гімназія № 1 г. Віцебска імя Ж.І. Алфёрава”.
Дарэчы, 19 верасня, напярэдадні адкрыцця выставы, Соня і яе матуля сталі гасцямі перадачы “Вечаровы Віцебск” (Тэлерадыёкампанія “Віцебск”), дзе Соня распавяла, з чаго пачалася гісторыя стварэння калекцыі і якімі цікавымі абярэгамі папоўнілася калекцыя за некалькі гадоў. Паглядзець выпуск можна па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=yLGpYOMWLkg&t=2489s
На ўрачыстым адкрыцці выставы дырэктар Віцебскага абласнога музея Таццяна Аляксандраўна Старынская ўручыла Соні сертыфікат, які пацвярджае, што дзяўчынка з’яўляецца ганоровым членам “Грамадства калекцыянераў” музея гісторыі прыватнага калекцыянавання.
Падтрымаць Соню і павіншаваць з такой важнай падзеяй у яе жыцці прыйшлі гімназісты - гуркоўцы аб’яднання “Юныя фалькларысты”. Гуртоўцы пазнаёміліся з іншымі калекцыямі, прадстаўленымі на выставе.
Жадаем Соні Садоўнікавай і яе сям’і творчага натхнення і поспехаў! Дзякуючы такім людзям, якім неабыякавы лёс народнай культуры, традыцыі нашых продкаў працягваюць жыць.
Мар’я Ерашэнка,
педагог аб’яднання “Юныя фалькларысты”